8 июля 2023

Значны ўклад у развіццё вучэння аб асушальных меліярацыях унёс сваімі навуковымі працамі, даследчай дзейнасцю Аляксандр Давідавіч Дубах.

Нарадзіўся ён 9 ліпеня 1883 г. у вёсцы Ботава Валакаламскага раёна Маскоўскай вобласці ў сям’і сыравара. У 1902 г. скончыў Маскоўскае земляробчае вучылішча і пачаў вучобу на інжынерным аддзяленні Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута. Пасля атрымання дыплома інжынера-агранома ў 1908 г. А. Дубах працаваў у Маскоўска-Цвярскім упраўленні земляробства і дзяржаўных маёмасцей і адначасова з’яўляўся асістэнтам кафедры меліярацыі свайго інстытута. У гэты ж час былі апублікаваны яго першыя навуковыя працы. У 1912 г. выйшла кніга А. Дубаха (у сааўтарстве з Р. Спаро) «Асушэнне балот адкрытымі канавамі».

У Мінску Аляксандр Давідавіч пачаў працаваць з чэрвеня 1910 г. на пасадзе інжынера Мінскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей. Праз год апублікаваў працу, у якой прааналізаваў эканамічную эфектыўнасць асушальных работ у Мінскай губерні, праведзеных у 1871-1909 гг. У 1912 г. вучоны стаў кіраўніком гідратэхнічных работ Магілёўска-Чарнігаўскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей.

У 1917 г. А.Д. Дубах займаў пасады інжынера-агранома, інжынера-гідратэхніка пры Мінскім упраўленні земляробства і дзяржаўных маёмасцей. З 1920 па 1927 г. працаваў загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай меліярацыі Горы-Горацкага земляробчага інстытута (Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі), выкладаў тэорыю асушэння зямель. 

Дзякуючы намаганням Аляксандра Давідавіча гідралогія вылучылася ў самастойную галіну навукі. У Беларусі прымаў удзел у арганізацыі Мінскай балотнай вопытнай станцыі, што дапамагло А.Д. Дубаху стаць сапраўдным вучоным-меліяратарам. Вынікам яго навуковай і практычнай дзейнасці сталі кнігі «Матэматыка ў меліярацыі. Разбор дваццаці прыкладаў» «Шляхі да ўдакладнення праектавання асушальных работ», «Гідралогія балот», «Гідратэхнічныя меліярацыі лясных зямель», «Лес як гідралагічны фактар» і інш. Усяго было апублікавана больш за 70 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій.

З базы дадзеных Магілёўскай абласной бібліятэкі



Фота: csl.bas-net.by

Вверх