28 октября 2023

Леў Аляксандравіч Юдзін нарадзіўся 29 кастрычніка 1903 г. у Віцебску ў сям'і служачага. Яшчэ школьнікам, у 1919 г., ён пачаў займацца ў Віцебскім народным мастацкім вучылішчы на курсе ў Казіміра Малевіча. У 1920 г. уступіў у аб'яднанне мастакоў-авангардыстаў УНОВИС («Заснавальнікі новага мастацтва»), створанае Малевічам. Юдзін на працягу ўсяго творчага жыцця вёў дзённік, які ўяўляе сабой унікальны дакумент, што дазваляе ўбачыць унутраны свет вучня Малевіча падчас яго жыцця і творчасці побач з майстрам. У дзённіках віцебскага перыяду падрабязна зафіксаваны ход навучання ў Малевіча: праграмы заняткаў, канспекты яго лекцый, уласныя гіпотэзы і накіды работ аўтара.

У 1922 г. Юдзін разам з іншымі членамі аб'яднання услед за сваім настаўнікам пераехаў у Петраград, дзе працягнуў навучанне ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях (ВХУТЕМАС) (з 1922 г. – Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут ВХУТЕИН). Юдзін таксама з'яўляўся ўдзельнікам выстаў-справаздач УНОВИСа ў Віцебску і Маскве ў 1922 і 1923 гг. У 1923 г. быў запрошаны супрацоўнічаць у Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры К. Малевічам, які тады займаў пасаду дырэктара гэтай установы. Быў асістэнтам К. Малевіча да закрыцця інстытута ў 1926 г. Там ён кіраваў лабараторыяй формы, даследаваў заканамернасці кубізму. Самыя яркія жывапісныя работы Л. А. Юдзіна – «Блакітны нацюрморт» (1930), «Аранжавы малочнік і бутэлька» (1939), «Партрэт мужчыны ў цыліндры» (1931).

Інтарэсы Юдзіна не абмяжоўваліся жывапісам. Леў Аляксандравіч таксама быў майстрам кніжнай графікі, працаваў у якасці ілюстратара ў лепшых дзіцячых часопісах свайго часу «Чыж» і «Вожык», ілюстраваў творы абэрыутаў Д. Хармса і А. Увядзенскага, цікавіўся друкаванай графікай і разцовай гравюрай. У 1931-1933 гг. Л. Юдзін працаваў у Дзяржаўным вучэбна-педагагічным выдавецтве на пасадзе загадчыка графічнай часткай, ілюструючы дзіцячыя кнігі і ствараючы кнігі-цацкі.

Найбольш цікавымі і ўнікальнымі ў яго творчасці сталі работы, выкананыя з паперы, у тым ліку мініяцюрныя. Леў Юдзін валодаў унікальным дарам мастака-сілуэтыста, без папярэдняга малюнка ствараючы віртуозныя, з мноствам дэталяў фігуркі, здольныя змясціцца на кончыку пальца. Гэта яго ўменне было асабліва запатрабавана ў фармаце дзіцячых выданняў.

У сярэдзіне 30-х гг. Л. А. Юдзін стварыў вельмі арыгінальную серыю папяровых паўабстрактных скульптур. Разнастайныя скразныя тонкія канструкцыі, вузкія трубкі, стужкі, папяровыя шарыкі, прарэзы, загін, спіралі, ламаныя і нахільныя лініі, складаныя перасекі – усё гэта было зусім не падобна на лаканічныя і спакойныя формы супрэматыстаў. Асобным творам мастацтва з'яўляюцца фатаграфіі гэтай серыі папяровых скульптур, зробленыя мастаком: пры пэўным асвятленні і ракурсе яны глядзеліся асабліва эфектна. Шмат у чым гэтыя працы Л. А. Юдзіна апярэдзілі сённяшнюю канцэптуальную пастановачную фатаграфію.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Юдзін быў мабілізаваны і пераведзены на навучанне на ваенных курсах камандзіраў. Мастак загінуў у сваім першым баі на фронце ў лістападзе 1941 г. пры абароне Ленінграда. Саюз мастакоў падаў яму «бронь», якой ён не палічыў магчымым скарыстацца.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС


Вверх