11 сентября 2026

Ірына Мікалаеўна Данілава нарадзілася 10 верасня 1951 г. у Гомелі. Скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Працавала галоўным мастаком вытворчага ткацкага аб'яднання «Чырвоны Кастрычнік» у г. Рэчыца. Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 г. Займалася выкладчыцкай працай у Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы (аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).

Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык). Сярод работ: «Бяленне палатна», «Травы лугавыя», «Бурштынавы бераг» (2002), «Знак зямлі і вады» (2011), «Кветкі і яблыкі», трыпціхі «Мацярынства» і «Цішыня», «Мой Гомель» і інш. Творчы стыль адрозніваецца вытанчанасцю кампазіцыі, эмацыйнай яснасцю, паэтычным светаўспрыманнем.

У творчым саюзе з мужам А. М. Двароніным за 30 гадоў сумеснай працы створаны габелены «Песня пра зубра» (1995), «Палеская рапсодыя» (1998), трыпціх «Раніца. Дзень. Вечар» (1986-1987), дыптых «Маё Палессе» (1988-1990), серыя «Знакі Задыяка» (1993-1997) і інш.

Ірына Мікалаеўна – удзельнік абласных і рэспубліканскіх выстаў, удзельнік выставы ВДНГ (Масква, 1980), міжнародных выстаў у Польшчы, Францыі і інш.

Узнагароджана сярэбраным медалём ВДНГ, Дыпломам Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь.

Работы майстра знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Гомельскім краязнаўчым музеі, Рэчыцкім краязнаўчым музеі, у музеі дываноў г. Клермон-Феран (Францыя), у Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Бруселі, у прыватных зборах за мяжой і інш.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фото: Злата Лукашевич

Вверх