6 октября 2023

Нарадзіўся Валянцін Дудкевіч 6 кастрычніка 1943 г. у Магілёве. Танцамі пачаў займацца з васьмі гадоў. У 1961 г. скончыў Беларускае харэаграфічнае вучылішча і стаў артыстам Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета БССР. З 1969 г. пачаў працаваць педагогам-рэпетытарам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і мастацкім кіраўніком канцэртна-эстраднага бюро Беларускай філармоніі.

Каб удасканаліць веды, В. Дудкевіч паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1981 г., потым вучыўся ў аспірантуры Інстытута этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Стажыраваўся ў Маскве і Парыжы. У 1986 г. атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. У гэтым жа годзе быў прызначаны мастацкім кіраўніком – дырэктарам Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. Пачалася работа па адраджэнні калектыву, пошуку рэпертуару. Новы кіраўнік адразу стварыў арыгінальныя, непаўторныя, запамінальныя канцэртныя прадстаўленні. Шмат гадоў В. Дудкевіч быў пастаноўшчыкам гала-канцэртаў на Славянскім базары ў Віцебску, рэжысёрам навагодніх прадстаўленняў для галоўнай ёлкі краіны.

Веданне беларускага танцавальнага фальклору і беражлівае стаўленне да яго, вялікі творчы патэнцыял і неардынарныя арганізатарскія здольнасці дазволілі В. Дудкевічу плённа працаваць у галіне развіцця і папулярызацыі народнага харэаграфічнага мастацтва. Сярод пастановак вылучаліся канцэртныя праграмы «Свята», «Карагод сяброў», «Вечар памяці С. Дрэчына», беларускія народныя танцы «Кола», «Бульба», «Кадрыля на зэдліках», «Вясковыя гульні», «Каляды», «Арэлі», «Церніца», «Вечарына», «Спеў дубраў», «Кабеты і жаўнеры».

Таксама Валянцін Дудкевіч паставіў танцавальныя мініяцюры, звязаныя з гістарычным мінулым Беларусі, – «Ефрасіння», «Барбара», «Легенда Нясвіжа» і іншыя, створаныя ў жанры фольк-балета. Рэпертуар ансамбля ўпрыгожваюць такія харэаграфічныя кампазіцыі, як «Крывічы», «Дайнова», «Люцічы», якія склалі новы кірунак дзейнасці калектыву – асучасненае этна, заснаванае на глыбокай старажытнасці. У пастаноўках апошніх гадоў («Лянок», «Вяселле», «Праводзіла салдаціка» і інш.) В. Дудкевіч выкарыстоўвае сюжэты з жыцця, насычаючы іх сучаснымі рытмамі і гармоніяй. Ён імкнецца зацікавіць моладзь і працуе над стварэннем сучаснага беларускага танца.

Чалавек незвычайнай творчай фантазіі, высокага інтэлекту і тонкага мастацкага густу, двойчы лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (1998, 2002), народны артыст Беларусі (1999), кавалер ордэна Ф. Скарыны (2008) Валянцін Уладзіміравіч Дудкевіч ужо 37 гадоў з’яўляецца мастацкім кіраўніком заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь – Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС

Вверх