Анастасія Іванаўна Фяцісава нарадзілася 22 мая 1951 г. у Брэсце. Яе бацька Іван Якаўлевіч Фяцісаў – удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны, вядомы брэсцкi мастак-жывапісец, заслужаны работнiк культуры БССР.
Па прапанове бацькоў у 1973 г. закончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі па класу баяна. Пасля сама выбрала свой лёс – паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучылася з вялікім натхненнем у С. Баткоўскага, А. Семілетава, Л. Міронавай.
Працавала на Брэсцкім камбінаце «Мастацтва» ў вобласці праектавання інтэр’ераў грамадскіх будынкаў. Выканала мастацкі праект фае новага кінатэатра Кобрына. А. Фяцісава – аўтар аб’ёмнага макета Брэст-Літоўска ХVІІІ ст. для Брэсцкага мастацкага музея (1998), які быў зроблены з дапамогай студэнтаў Брэсцкага палітэхнічнага каледжа і прадстаўлены публіцы ў 2003 г.
Анастасія Іванаўна працуе ў станковым жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным (эмалі) і афармленчым мастацтве. Любіць жанр партрэта. Эксперыментавала ў тэхніцы роспісу эмалямі па медзі. Удзельніца мастацкіх выстаў і пленэраў з 1982 г., правяла сем персанальных выстаў у Брэсце, Гродна, а таксама ў Германіі і Польшчы. Член Беларускага саюза мастакоў (1991).
Любімы горад Анастасіі Фяцісавай – Брэст – не выдуманы, а скрупулёзна прайграны на аснове архіўных дакументаў, гарадскіх планаў і чарцяжоў. На карцінах мастачкі паўстае адноўленае аблічча сярэдневяковага горада. Асноўныя палотны: «Сіняя птушка над Брэстам», «Брэст старажытны», «Над калегіумам езуітаў», «Планета Ольштын», «Панарама Познані»; серыя «Міражы над старажытным Брэстам», серыі палотнаў, прысвечаныя гісторыі розных гарадоў – Брэсту, Гродна, Пінску і інш.; цыклы эмаляў «Вокны Брэста», «Гісторыя Гродна», «Шлях на Галгофу», «Пінску 900 гадоў».
Творы мастачкі знаходзяцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі абароны Брэсцкай крэпасці, іншых беларускіх і еўрапейскіх музеях, прыватных зборах па ўсім свеце.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).