13 января 2024

Уладзімір Міхайлавіч Барздоў нарадзіўся 12 студзеня 1954 г. у г. Рызе ў сям'і вайскоўца. У 1976 г. скончыў факультэт радыёфізікі і электронікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), дзе прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да прафесара. У 1986 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук па спецыяльнасці 05.27.01 – цвёрдацельная электроніка і мікраэлектроніка. У 1988 г. зацверджаны ў вучоным званні дацэнта. У 1999 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук па спецыяльнасцях 01.04.07 – фізіка цвёрдага цела, 05.27.01 – цвёрдацельная электроніка, мікраэлектроніка і нанаэлектроніка. У 2003 г. прысвоена вучонае званне прафесара.

У. Барздоў – заслужаны работнік БДУ. У 2006 г. у складзе аўтарскага калектыву з цыклам навуковых прац «Мадэляванне тэхналагічных працэсаў і прыборных структур мікра- і нанаэлектронікі» стаў лаўрэатам прэміі ім. А.Н. Сеўчанкі.

У. Барздоў таксама з'яўляўся навуковым кіраўніком навукова-даследчай лабараторыі матэрыялаў і прыборных структур мікра- і нанаэлектронікі. Пад яго кіраўніцтвам выканана больш за 20 навукова-даследчых работ у рамках дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Белэлектроніка», дзяржаўных праграм арыентаваных фундаментальных даследаванняў «Электроніка» і «Нанаматэрыялы і нанатэхналогіі», міжвузаўскіх праграм фундаментальных даследаванняў «Нізкапамерныя сістэмы», «Нанаэлектроніка», дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў «Фатоніка, опта- і мікраэлектроніка», «Фізічнае матэрыялазнаўства, новыя матэрыялы і тэхналогіі», а таксама асобных праектаў, што фінансуюцца Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і выконваюцца па базавым фінансаванні БДУ.

На факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ Уладзімір Міхайлавіч вядзе вялікую вучэбна-метадычную работу. З'яўляўся кіраўніком калектыву, які распрацаваў адукацыйныя стандарты Рэспублікі Беларусь першай і другой ступені па спецыяльнасці 1-31 04 03 – фізічная электроніка. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі IV тома «Фізіка» выбраных навуковых прац БДУ.

У цяперашні час з'яўляецца намеснікам старшыні экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, членам савета Д 02.01.10 па абароне дысертацый на суісканне вучоных ступеняў пры БДУ, членам вучонага савета факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, членам рэдкалегіі часопіса «Электроніка».

Узнагароджаны Ганаровай граматай Белдзяржуніверсітэта, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, падзякай рэктара БДУ, Ганаровай граматай ВАК Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай НАН Беларусі, граматай Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Па выніках конкурсу 2002 г. была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам навукі, адукацыі, культуры, аховы здароўя і маладым навукоўцам. З’яўляўся дэлегатам Першага з'езда вучоных Рэспублікі Беларусь (лістапад 2007 г.).

Па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС

Вверх