Беларусь у асобах: Ташлыкоў Ігар Серафімавіч

5 июня 2026

Интересное

Ігар Серафімавіч Ташлыкоў нараддзіўся 4 чэрвеня 1946 г. у КНДР у сям’і ваеннаслужачых. У 1969 г. скончыў з адзнакай фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта са спецыялізацыяй па фізіцы цвёрдага цела. Ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук прысвоена ў 1973 г. Доктарская дысертацыя на тэму «Мадыфікаванне і даследаванне структуры ў крышталях з рознымі тыпамі сувязяў (Si, GaAs, Ni) ядзерна-фізічнымі метадамі» была абаронена ў 1989 г. Вучонае званне прафесара па кафедры фізікі было прысвоена ў 1992 г. У 2003 г. стаў дэканам фізічнага факультэта ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка (БДПУ).

Ігар Серафімавіч з'яўляўся спецыялістам у галіне радыяцыйнага фізічнага матэрыялазнаўства. Вынікі яго шматграннай навукова-даследчай дзейнасці маюць высокую тэарэтычную, практычную і сацыяльную значнасць. Дасягненні вучонага знайшлі шырокае прызнанне як у Беларусі, так і за мяжой. Ён з'яўляўся стыпендыятам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, уладальнікам Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 3 грантаў Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD), 2 грантаў Каралеўскага таварыства Вялікабрытаніі, 1 гранта ЮНЕСКА, а таксама гадавых стажыровак у ГДР і Канадзе.

Міжнароднай арганізацыяй International Biogaphical Centre (Кембрыдж, Англія) Ігар Ташлыкоў унесены ў сусветны спіс выбітных навукоўцаў з прысуджэннем намінацыі «Міжнародны прафесіянал года» (2007). Біяграфія ўключана ў даведнікі Маркуіс «Хто ёсць хто ў свеце» (ЗША) біяграфій навукоўцаў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё сусветнай навукі і цывілізацыі. З’яўляўся членам Нью-Ёркскай акадэміі навук, Беларускага фізічнага таварыства.

Назапашаны вопыт і веды вучонага дазволілі яму стварыць у БДПУ навукова-педагагічную школу фізікі функцыянальных пакрыццяў. У 2004 г. І. Ташлыкоў адкрыў ва ўніверсітэце новую навуковую лабараторыю па вывучэнні паверхні цвёрдых цел з сучасным даследчым абсталяваннем, на базе якой выконваліся навуковыя даследаванні ў рамках дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, праектаў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як дэкан фізічнага факультэта, ў 2005 г. ініцыяваў адкрыццё новай спецыяльнасці «Фізіка. Тэхнічная творчасць».

Вучоны надаваў вялікую ўвагу падрыхтоўцы навукова-педагагічных работнікаў, фарміруючы цікавасць да навукі яшчэ са студэнцкіх гадоў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам на фізіка-матэматычным факультэце плённа працавала студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «ФІЗМАТЫНГ», падрыхтавана 5 кандыдатаў навук.

Ігар Ташлыкоў – аўтар звыш 400 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, выдадзеных у Беларусі і ЗША, меў 13 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Узнагароджаны ганаровымі граматамі НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. М. Сеўчанка БДУ, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, знакам Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі» (2014), грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2015), Ганаровай граматай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (2016).

Па матэрыялах Беларускай нацыянальнай бібліятэкі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фото: Злата Лукашевич