Гісторыя «Песняроў» пачалася ў 1965 г., калі вайсковая служба звяла музыкаў Уладзіміра Мулявіна, Леаніда Тышко, Уладзіслава Місевіча, Валерыя Яшкіна і Аляксандра Дзямешку. У 1968 г. быў зроблены першы крок – сябры ўвайшлі ў склад эстраднага рэвю «Лявоніха» і назвалі сябе «Лявонамі».
Афіцыйным днём нараджэння калектыву лічыцца 1 верасня 1969 г., калі рашэннем мастацкага савета Беларускай дзяржаўнай філармоніі гурт «Лявоны» атрымаў права называцца вакальна-інструментальным ансамблем (ВІА). Аснову рэпертуару складаў беларускі фальклор: калектыў уключаў у рэпертуар эстрадныя апрацоўкі народных песень, а тэксты былі прысвечаны беларускай культуры і гісторыі.
Калі ансамбль рыхтаваўся да IV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады, міністр культуры БССР Міхаіл Мінковіч прапанаваў змяніць назву ансамбля. Леанід Тышко, праглядаючы кнігі беларускіх паэтаў-класікаў, прачытаў верш Я. Купалы «Песняру-беларусу». Слова «песняры» было з крыніцы нацыянальнай культуры, яно паказвала кірунак у творчасці і да многага абавязвала. Выкананне песень «Каханне», «Хатынь», «Алеся» на музыку І. Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася» на музыку Ю. Семянякі, «Авэ Марыя» на музыку В. Іванова (на верш М. Танка) у конкурснай праграме зрабіла моцнае ўражанне на журы і слухачоў, але першую прэмію вырашылі не прысуджаць нікому.
Пасля знакавага конкурсу ў Маскве ў калектыў уліўся Леанід Барткевіч, які да гэтага быў удзельнікам ансамбля «Залатыя яблыкі». Таксама адным з самых яркіх салістаў стаў Анатоль Кашапараў, які ў свой час праславіўся выкананнем песні «Волагда». У 1971 г. быў выпушчаны першы студыйны альбом, куды ўвайшлі «Александрына», «Касіў Ясь канюшыну», «Ой, рана на Івана», «А ў полі вярба», «Белая Русь ты мая», «Рушнікi» і інш.
Прыкладна ў той жа час пачаліся першыя замежныя паездкі ансамбля і перамогі на міжнароднай музычнай арэне: Міжнародны фестываль песні ў Сопаце (1971), прэмія на X Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Берліне (1973), прэмія на фестывалі песні «Залаты леў» у Лейпцыгу. Таксама ансамбль, які працягваў набіраць папулярнасць, перамог на Усесаюзным конкурсе савецкай песні, які праходзіў у Мінску (1973). У 1976 г. з вялікім поспехам прайшлі гастролі «Песняроў» у ЗША, выступленні на міжнародным фестывалі MIDEM у Канах.
«Песняры» доўгі час заставаліся адным з самых папулярных гуртоў СССР і постсавецкай прасторы. Яны сталі аднымі з першых уладальнікаў «Залатога дыска» СССР за самы вялікі тыраж прададзеных грампласцінак, пакарылі сэрцы мільёнаў слухачоў, падарыўшы свету мноства выдатных песень.
Дарэчы «Песняры» – гэта не толькі назва сусветна вядомага гурту, але і агульнавядомы таварны знак (праваўладальнік – Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры»), які ахоўваецца бестэрмінова.
Па матэрыялах афіцыйнага сайту ансамбля «Песняры»
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).