Пытанне: Што адбудзецца, калі аўтар не адзначыць свайго суаўтара пры перадачы музычнага твора ў калектыўнае кіраванне Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ)?

Адказ: Згодна з п. 1 і п. 2 арт. 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) аўтарскае права на твор, створаны сумеснай творчай працай дзвюх або больш асоб (суаўтарства), належыць суаўтарам сумесна незалежна ад таго, ці ўтварае такі твор непарыўнае цэлае або складаецца з частак, кожная з якіх мае самастойнае значэнне. Права на выкарыстанне твора ў цэлым належыць суаўтарам сумесна, калі іншае не прадугледжана дагаворам паміж імі. Даходы ад сумеснага выкарыстання твора размяркоўваюцца паміж усімі суаўтарамі пароўну, калі іншае не прадугледжана дагаворам паміж імі.

Пры гэтым кожны з суаўтараў мае права выкарыстоўваць створаную ім частку твора, якая мае самастойнае значэнне (такой яна з'яўляецца ў выпадку, калі можа быць выкарыстана незалежна ад іншых частак гэтага твора), па сваім меркаванні, калі іншае не прадугледжана дагаворам паміж імі.

Такім чынам, у выпадку, калі аўтар пры перадачы ў калектыўнае кіраванне НЦІУ музычнага твора, створанага ім у суаўтарстве з іншымі асобамі, не адзначае ўсіх суаўтараў твора, адбываецца парушэнне як асабістых немаёмасных (арт. 15 Закона), так і маёмасных правоў (арт. 16 Закона) такіх суаўтараў, таму раім аўтарам уважліва падыходзіць да запаўнення пералікаў твораў, якія прыкладаюцца да іх дагавораў аб кіраванні маёмаснымі правамі на музычныя творы з тэкстам і без тэксту, заключаных з НЦІУ.

У той жа час аўтар без рызыкі парушыць правы суаўтараў можа перадаць у калектыўнае кіраванне НЦІУ створаную ім аднаасобна самастойную частку музычнага твора, створанага ім у суаўтарстве, і адзначыць аўтарам такой часткі твора сябе аднаасобна.

Калі памылка ў аўтарскім складзе ўсё ж дапушчана аўтарам пры перадачы музычнага твора ў калектыўнае кіраванне НЦІУ, выправіць яе магчыма з дапамогай выключэння памылковай рэгістрацыі музычнага твора з калектыўнага кіравання НЦІУ (пры гэтым згодна з п. 9 арт. 50 Закона аб аўтарскім праве павінна прайсці шэсць месяцаў) і паўторнай перадачы дадзенага музычнага твора ў калектыўнае кіраванне НЦІУ з верным аўтарскім складам.

30.04.2024
Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх