28.03.2024

27 сакавіка 2024 г. ва ўрачыстай абстаноўцы генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў уручыў патэнт на прамысловы ўзор Дар'і Хацкевіч. Дзевяцігадовая мінчанка, якая сканструявала трымальнік для кніг, стала самым юным патэнтаўладальнікам у Беларусі.

Дар'я - вучаніца 3 класа ДУА «Сярэдняя школа № 159 г. Мінска імя А.Ф.Данукалава». Яна вельмі рознабаковая: займаецца мастацкай гімнастыкай, скалалажаннем і плаваннем, а ў школе навучаецца ў IT-класе, дзе вывучае робататэхніку і праграмаванне.

У другім класе дзяўчынка вырашыла ўдзельнічаць у школьным конкурсе праектных і даследчых работ «Юны даследчык» са сваёй распрацоўкай - «Кнігачыт», якая была ўдастоена дыплома 1 ступені. На раённым конкурсе праектных і даследчых работ навучэнцаў пачатковых класаў «Пазнанне і творчасць» Дар'і быў уручаны дыплом 3 ступені, а на гарадскім        фестывалі – дыплом за арыгінальнасць прапанаванага рашэння.

Дар'я не спынілася на дасягнутым і ў студзені 2024 г. прыняла ўдзел у гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў «Першыя крокі ў навуку», якая праходзіла ў г. Сочы, Расійская Федэрацыя. Па выніках конкурсу Дар'я стала пераможцам у секцыі «Фізіка, матэматыка, тэхніка».

21 снежня 2023 г. была пададзена заяўка ў дачыненні да названага рашэння, а ўжо 20 сакавіка 2024 г. зарэгістраваны патэнт на прамысловы ўзор № 5201.

Распрацоўка ўяўляе сабой зручны трымальнік для кніг, які надзяваецца на шыю і дае магчымасць уладальніку чытаць кнігу без выкарыстання рук. Свой прамысловы ўзор Дар'я актыўна выкарыстоўвае сама, а таксама сумесна з бацькамі сканструяваліа такі ж, але крыху большых памераў – для дзядулі.

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці віншуе юнага наватара і жадае ёй далейшых поспехаў у вынаходніцкай справе.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram).


Фота: Алена Васіленка
Вверх