Пытанне: Як працягнуць або скасаваць дагавор комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу)?
Адказ: Бакі маюць права пры заключэнні тэрміновага дагавора комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу) прадугледзець у ім магчымасць працягнуць дагаворныя адносіны, у тым ліку на той жа (ці іншы) тэрмін, а таксама на тых жа (ці іншых) умовах.
Калі такая ўмова ў дагаворы франчайзінгу, заключаным на пэўны тэрмін, адсутнічае, роўна як і ўмова аб пераважным праве карыстальніка, які належным чынам выканаў свае абавязацельствы па дагаворы, на заключэнне новага дагавора франчайзінгу, то бакі маюць права заключыць дагавор комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі, кіруючыся асноўнымі пачаткамі грамадзянскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Пры заключэнні дагавора франчайзінгу на новы тэрмін умовы дагавора могуць быць зменены па пагадненні бакоў.
Пры гэтым любыя змяненні заключанага дагавора франчайзінгу падлягаюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі ў Дзяржаўным рэестры дагавораў комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу) Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з падп. 1.2 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 сакавіка 2009 г. № 346 (у рэд. ад 20 лістапада 2023 г.) «Аб рэгістрацыі ліцэнзійных дагавораў, дагавораў саступкі правоў на аб'екты права прамысловай уласнасці, дагавораў аб залогу маёмасных правоў, што сведчацца пасведчаннем на таварны знак, знак абслугоўвання, і дагавораў комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франчайзінгу)».
Скасаванне дагавора франшызы да заканчэння тэрміну яго дзеяння згодна з п. 1 арт. 910-11 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК Рэспублікі Беларусь) ажыццяўляецца на агульных падставах у адпаведнасці з правіламі гл. 29 ГК Рэспублікі Беларусь «Змяненне і скасаванне дагавора».
Згодна з п. 2 арт. 910-11 ГК Рэспублікі Беларусь спыненне бестэрміновага дагавора франшызы ў аднабаковым парадку магчыма пры выкананні ўмовы аб апавяшчэнні іншага боку мінімум за 6 месяцаў (пры адсутнасці ў дагаворы ўмовы аб больш працяглым тэрміне).
Датэрміновае скасаванне дагавора франшызы (як тэрміновага, так і бестэрміновага) падлягае дзяржаўнай рэгістрацыі нацыянальным патэнтным ведамствам у Дзяржаўным рэестры дагавораў комплекснай прадпрымальніцкай ліцэнзіі (франшызы) Рэспублікі Беларусь (п. 3 арт. 910-11 ГК Рэспублікі Беларусь).
05.2026
Падрыхтавала: В. В. Бесарабава, вучоны сакратар НЦІУ