А. Заяц: «Наша задача – актывізаваць выкарыстанне геаграфічных указанняў як інструмента развіцця рэгіянальных прадуктаў»
8 сентября 2026
Падзеі
7 верасня 2026 г. у Мінску адбыўся круглы стол «Развіццё сістэмы геаграфічных указанняў у Рэспубліцы Беларусь».
Арганізатары: Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ХСА ААН), Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ).
З прывітальным словам выступіў намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ Аляксандр Заяц, які ўказаў на неабходнасць актывізацыі выкарыстання геаграфічных указанняў як інструмента развіцця рэгіянальных прадуктаў: «Неабходна разгледзець існуючыя арганізацыйныя і фінансавыя перашкоды і звярнуць увагу на даступнасць інфармацыі і дасведчанасць аб тым, як і навошта вытворцам выкарыстоўваць геаграфічныя ўказанні».
З моманту прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь № 127-З «Аб геаграфічных указаннях» у 2002 г. у краіне зарэгістравана ўсяго тры айчынныя найменні месца паходжання тавараў, з якіх Мінская мінеральная вада была зарэгістравана ў 2004 г., а Лідскае піва і Лідскі квас – у 2000 г.
Намеснік генеральнага дырэктара НЦІУ падкрэсліў, што слоган «Зроблена ў Беларусі» ўжо працуе на пазнавальнасць краіны і з'яўляецца сімвалам надзейнасці і высокіх стандартаў. Развіццё сістэмы геаграфічных указанняў надасць слогану канкрэтны змест: за кожнай пазіцыяй – рэгіён, унікальныя прыродныя ўмовы і векавыя традыцыі вытворчасці.
«Наша задача – стварыць максімальна даступны і эфектыўны механізм рэгістрацыі і выкарыстання геаграфічных указанняў для буйных прамысловых вытворчасцяў, малых і сярэдніх прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак і рамеснікаў. Важна не толькі прававая база, але і дэманстрацыя эканамічнага эфекту геаграфічных указанняў: рост пазнавальнасці, развіццё ўязнога турызму, выхад на новыя замежныя рынкі і ўзмацненне пазіцый у перамовах з інвестарамі», – сказаў на заканчэнне Аляксандр Заяц.
У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі таксама абмеркавалі аналітычную справаздачу, падрыхтаваную нацыянальнымі экспертамі па заказу ХСА ААН. У ёй разгледжана сістэма прававой аховы геаграфічных указанняў (ГУ) у Беларусі: дзеючая прававая і інстытуцыянальная база рэгістрацыі і аховы ГУ; асаблівасці аховы ў параўнанні з вопытам краін Еўрапейскага саюза; паўнамоцтвы дзяржаўных органаў, адказных за ахову ГУ. Выяўлены ключавыя недахопы сістэмы і прапанаваны шляхі яе ўдасканалення, уключаючы змяненні ў заканадаўстве аб ГУ. Таксама прадстаўлены аналіз эканамічных пераваг выкарыстання ГУ для рэгіянальнага развіцця на аснове міжнароднага вопыту.
У якасці спікераў у рабоце круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі ФАО ААН, Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, НЦІУ, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і інш.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч