Беларусь у асобах: Казакевіч Мікалай Канстанцінавіч

3 мая 2024

Интересное

Мікалай Канстанцінавіч Казакевіч нарадзіўся 5 мая 1934 г. у  в. Дулебы Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Падчас Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і да 1950 г. выхоўваўся ў Бярэзінскім дзіцячым доме. У 1955 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1961 г. – Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яго настаўнікамі былі знакамітыя мастакі В. Цвірка, А. Шаўчэнка, У. Сухаверхаў, А. Мазалёў.

Атрымаўшы прафесійную адукацыю, М. Казакевіч меў магчымасць застацца ў сталіцы, але вырашыў разам з аднакурснікамі паехаць на працу ў Гомель. Дзякуючы агульным намаганням маладога мастацкага калектыву праз некалькі гадоў нараўне з віцебскай школай акварэлі стала вядома гомельская школа жывапісу, якая з’явілася пераемніцай лепшых традыцый імпрэсіянізму і вызначаецца светлым, радасным адчуваннем жыцця, яркасцю фарбаў.

З 1961 па 2000 г. працаваў на камбінаце «Мастацтва» Мастацкага фонду Беларусі ў Гомелі, быў старшынёй манументальна-мастацкага савета Гомельскай вобласці. З 1961 г. пачаў удзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, у тым ліку персанальных, пленэрах. З 1963 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

Мікалай Казакевіч працаваў у станковым жывапісе ў жанры лірычнага пейзажа. Для яго творчасці характэрны адзіная паэтычная стылістыка, натуральнасць, жывапісная стыхія, лёгкі, рухавы мазок, поўная адмова ад дробнага апісальніцтва. Асабліва дакладна майстар улаўлівае непаўторныя рысы беларускай прыроды – яе задушэўны рытмічны лад, гармонію каларыстычных сугуччаў («Вясна на Гомельшчыне» (1972), «На Палессі» (1976), «Вялікая вада на Бесядзі» (1996), «Вечар на Дняпры» (2000) і інш.

Геаграфія палотнаў М. Казакевіча не абмяжоўваецца толькі Радзімай, а назвы работ кажуць за сябе: «Рака Влтава», «Востраў Валаам», «Кіжы», «Мілаград», «Секір-гара. Салаўкі».

Асобнае месца ў творчасці М. Казакевіча займае тэматычная карціна «У тыле ворага» (1964), дзе паказана, як партызаны ў патаемным паўзмроку рамантуюць зброю, каб праз некалькі хвілін уступіць у бой з ворагам.

За высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё культуры і мастацтва заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1988) М. Казакевіч узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Францыска Скарыны, бронзавым медалём ВДНГ за работу «Юнацтва». У 2000 г. Мікалай Казакевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі за серыю пейзажаў «Краявіды Беларусі» (1995-1998). Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Гомельскім і Віцебскім абласных краязнаўчых музеях, Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі ў Гомелі, у галерэях і прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram).


Фото: НЦИС